Минский международный образовательный центр имени Йоханнеса Рау

У Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна адкрылася беларуска-польская выстава “Рада дапамогі габрэям Жэгота”

Інстытут нацыянальнай памяці Рэспублікі Польшча, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Мінску і Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна да 75 гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета 19 красавіка адкрылі для наведвання выставу  "Рада дапамогі габрэям Жэгота", прысвечаную арганізацыі, якая з 1942 па 1945 год падпольна дапамагала яўрэям у Польшчы .

У 1939 г. у межах Польскай дзяржавы жыло каля 3,4 млн габрэяў. Усё тое, што ў свабодных умовах незалежнай дзяржавы гарантавала развіццё розных веравызнанняў, на практыцы спрасціла задачу Трэцяму Рэйху па знішчэнні габрэяў – выдзеліць і ізаляваць настолькі выразна сфарміраваную, з адметнай самасвядомасцю групу ў рэаліях нямецкай акупацыі было нескладана.

Перасяленне, дэпартацыя, выгнанне і канцэнтрацыйныя лагеры, увядзенне жорсткіх правіл, забарона набажэнстваў, прымусовыя працы і ізаляцыя ў гета – гэта штодзённае прыніжэнне, якое непасрэдна вяло да рэалізацыі пастаўленай акупантамі мэты – знішчэння габрэяў. Усяго за два гады (1942–1943) было забіта каля 3 млн польскіх габрэяў.

Стаўленне палякаў да Халакосту ў перыяд Другой сусветнай вайны было розным: змены ўмоў акупацыі, усё больш складанае становішча польскіх сем’яў, узмацненне рэпрэсій з боку акупантаў у некаторых выпадках вялі да маладушша і эгаістычных, скіраваных выключна на самазахаванне, учынкаў, якія грамадства асуджала. Пры гэтым рэальны маштаб дапамогі габрэям з боку палякаў быў значна большы. Па выніках даследаванняў, лічбы маглі дасягаць 1 млн палякаў, якія рознымі спосабамі і на розных узроўнях імкнуліся дапамагчы габрэйскаму насельніцтву.

Калі спатрэбілася сістэматызаваць дапамогу і стварыць схему адначасовых дзеянняў на розных напрамках, была створана  Рада дапамогі габрэям „Жэгота”, у рамках якой супрацоўнічалі як палітыкі нацыянальна-каталіцкай, народнай і сацыялістычнай накіраванасці, так і габрэйскія палітыкі – ад сыяністаў да камуністаў. Галоўнымі аспектамі дзейнасці арганізацыі была падробка дакументаў (асабліва дзяцей), пошук бяспечных месцаў пражывання, перадача сем’ям грошай і падтрымка сем’яў і кляштараў, дзе хаваліся габрэі.

“Рада дапамогі габрэям “Жэгота”, якая сімвалізавала гатоўнасць рызыкаваць сваім жыццём, жыццём сваіх блізкіх дзеля таго, каб уратаваць жыццё чужое - адна з найбольш прыгожых праяў годнасці, маральнасці і чалавечнасці”, - падкрэсліў намеснік Дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці д-р Матэвуш Шпытма.

Выстава "Рада дапамогі габрэям Жэгота" – гэта расказ пра ўсіх тых, чый нязломны дух і ўзважаныя, альтруістычныя рашэнні выратавалі ад гібелі мноства людзей, безабаронных перад гітлераўскім тэрорам.

Выстава падрыхтавана Інстытутам нацыянальнай памяці і Камісіяй пераследу злачынстваў супраць польскага народа. Аўтарамі выставы з’яўляюцца д-р Марцін Урыновіч і д-р Павел Ракіцкі.

Удзел у адкрыцці выставы прынялі Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Хабрас, галоўны равін Рэлігійнага Аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Рэспубліцы Беларусь Грыгорый Абрамовіч, другі сакратар Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі Эльжбета Інеўская, дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў Віктар Балакіраў і вязні нацызму.

Таксама выступіла кандыдат навук Аліцыя Гантарык з лекцыяй “Не толькі “Жэгота” – вакол польскай дапамогі габрэям у час Другой сусветнай вайны”. Музычнае саправаджэнне адкрыцця адбылося дзякуючы ансамблю “Гілель” пад кіраўніцтвам Максіма Рассоха.

З выставай "Рада дапамогі габрэям Жэгота" можна будзе пазнаёміцца да 19 мая ў Гістарычнай майстэрні (Мінск, вул. Сухая, 25). Уваход бясплатны

 

 

Фотографии